HL #31 🦌 Дзень Губерта блізка! Як яго адзначыць, калі сабрацца ўсім, як у лепшыя часы, немагчыма?
Засталося менш за два тыдні!
Прывітанне, гэта рэдактар.
Апошнія некалькі тыдняў акрамя звычайных працоўных момантаў мяне хвалюе адно вельмі канкрэтнае пытанне. Як нам - гродзенцам - адзначыць наша галоўнае свята - Дзень святога Губерта.
Ягоны дзень - 3 лістапада - мы раней адзначалі ў Гродне выставамі, канферэнцыямі, канцэртамі, проста сяброўскімі сустрэчамі. Памятаеце гэтыя імпрэзы спачатку ў “Крызе” на Савецкай і “сотцы” на Будзёнага, а потым у Цэнтры гарадскога жыцця? Першыя сучасныя Дні Губерта адбыліся ў Гродне ажно ў 2008 годзе! 15 гадоў - гэта ўжо годная традыцыя!
Што мы можам зрабіць зараз, калі гродзенцы раскіданыя па свеце? Адзначыць, кожны дзе можа!
Гродзенцы ў Гродне, гродзенцы ў Варшаве, гродзенцы ў Батумі, Філадэльфіі, Капенгагене, Вене - ды дзе заўгодна - могуць дамовіцца і 3 лістапада прыйсці ў які-небудзь сімпатычны бар і, калі толькі ўжываюць алкаголь, выпіць па кілішку “Ягермайстара” (думаю, не трэба тлумачыць, чаму менавіта гэты напой так пасуе да Дня Губерта?).
Гродзенцы за мяжой могуць прыйсці да знакавых месцаў, звязаных з горадам і яго ўраджэнцамі, або непасрэдна святым Губертам, ды зрабіць там фотачку ў Instagram з віншаваннямі для іншых гродзенцаў усяго свету. А раптам вы ў Бельгіі і зможаце наведаць Льеж або Сэнт-Юбэр, звязаныя з жыццём Губерта? А можа быць проста побач з вамі ёсць вуліца “Гродзенская” і вы можаце зрабіць на ёй фота з указальнікам? А можа вы раптам у Румыніі ў мясцовасці, дзе нарадзіўся наш кароль Стэфан Баторый? Варыянтаў вельмі шмат!
Вы арганізуеце квіз? Уключыце ў яго тур пра Гродна! Маеце кантакты з мясцовымі святарамі або дапамагаеце арганізоўваць службы для беларусаў у цэрквах і касцёлах? Прапануйце службу ў гонар святога Губерта! Ладзіце экскурсіі ў сваім горадзе? Падумайце, ці магчыма ўключыць туды гродзенскія матывы!
А яшчэ, Дзень Губерта амаль супадае з Дзядамі - значыць можна наведаць магілы знакамітых людзей, звязаных з горадам. У базіліцы святога Мікалая ў Бары ў Італіі пахаваная каралева Бона - менавіта яна дала нашаму гораду герб з аленем! На Павонзках у Варшаве пахаваны Юзаф Ядкоўскі - адзін з найвыбітнейшых даследчыкаў Гродна. На старых могілках у Гродне наогул ці не дзясяткі магіл самых знакамітых гараджан. Калі вы там - схадзіце і пастаўце зніч знакамітым гродзенцам мінулага ды зрабіце пра гэта пост у сацсеткі.
Займаецеся бегам? Прабяжыце 11,27 км у гонар Дня святога Губерта (бо 1127 год лічыцца годам першай узгадкі летапісанага Гродна) ды заахвоцце іншых!
Такім чынам, калі кожны кіне нейкую ідэю ды зробіць нешта, нават невялікае, мы сапраўды зможам разам годна адзначыць галоўнае свята гродзенцаў - нягледзячы на тое, што многія з нас зараз раздзеленыя межамі.
Калі ў вас ёсць ідэі і прапановы наконт Дня святога Губерта 2023 - не саромцеся пісаць нам на info@hrodna.life! Толькі памятайце пра бяспеку - і адразу выдаляйце дасланы ліст з папкі “Адпраўленае” ў вашай скрынцы.
Што цікавага на тыдні было на HL?
У нас выйшаў артыкул-агляд пра вельмі паспяховы, але амаль невядомы бізнес гродзенцаў. Аказваецца, у нашым горадзе прадукуюць джойсцікі для авіясімулятараў сусветнага ўзроўню! Вы не ведалі пра такое? Дык і мы раней не ведалі. Пачытайце пра гэты высокатэхналагічны бізнес.
На запыт нашых чытачоў мы даведаліся, ці існуе ў дзіцячых садах “мафія фатографаў”. Рэальна, не жартуем, быў такі запыт ад вас! Калі вас нешта хвалюе, калі ў вас ёсць пытанні наконт Гродна - не саромцеся пісаць у рэдакцыю, мы пастараемся, наколькі магчыма, разведаць сітуацыю і адказаць вам!
Выйшла чарговая частка нашай гістарычнай серыі “А што, калі б?..”, дзе мы ўяўляем, як інакш магла б скласціся гісторыя. У гэтым выпуску - пра Януша Радзівіла і яго ідэю саюза са Швецыяй. Спонсар цыкла - выдавец беларускай настолкі “Шляхта” Gutenberg Publisher.
Мы даследавалі вакансіі ў сферы аховы здароўя - і жахнуліся! Недахоп лекараў у Гродзенскай вобласці ўжо блізкі да катастрафічнага. Дадаткова запыталіся пра сітуацыю ў былога начальніка аддзялення рэанімацыі адной з бальніц Гродна. На яго думку, сітуацыя можа быць яшчэ горшай, чым яна бачыцца публічна.
Ужо ў наступным годзе могуць пачаць аднаўляць былы яўрэйскі квартал на Вялікай Траецкай. Прыемна, калі гарадскія ўлады выконваюць ідэі, якія ім падсоўваў Hrodna.life яшчэ некалькі гадоў таму.
Выйшаў чарговы выпуск падкаста “Утульны горад”. Тэма - бяздомнасць у гарадах. Вельмі цікавае абмеркаванне з эксперткамі Менскай урбаністычнай платформы - раім паслухаць!
На гэты - усё! Найлепшага!