HL #41 💬 Беларуская звычка, ад якой трэба пазбаўляцца ў новым годзе
🤬 Колькі мы яшчэ будзем вінаваціць ахвяр?
Прывітанне, гэта рэдактар.
Сённяшні ліст не мог быць ні пра што іншае. Бо акурат сёння беларускі Фэйсбук стала [у чарговы раз] немагчыма чытаць. Кожны другі пост - фактычна абвінавачанні ахвяр у тым, што яны сталі ахвярамі. Гэта па-разумнаму называецца вікцімблэймінг. І бачу я яго не ўпершыню.
Што здарылася? У Магілёве брутальна затрымалі музыкаў гурта Nizkiz, якія ў 2020 годзе адзначыліся пратэстнымі спевамі і кліпамі, але вырашылі не з'язджаць з Беларусі, выязджаючы за мяжу толькі час ад часу на канцэрты. Іх прымусілі апраўдвацца за сваю творчасць ды паказалі па БТ. Беларуская аўдыторыя ў сацсетках, вядома ж, пашкадавала затрыманых, але трымаючы фігу ў кішэні. Маўляў, яны самі вінаватыя, навошта заставаліся ў краіне і вось гэта вось усё.
“Это героизм или долбоебизм?!!!”, “Яны што ідыёты?!”, “ з інтэлектам яны не сябравалі”, “Феерические” - гэта яшчэ адносна бяскрыўдныя каментарыі ў бок затрыманых.
Адкуль гэта ў нас? Чаму мы так лёгка пачынаем не проста даваць парады, якіх не просяць, а наўпрост асуджаць і цкаваць людзей толькі за тое, што яны робяць нешта не так, як нам самім падаецца правільным? Чаму ў той невялікай публічнай сферы, якая ў нас засталася для дыскусій, мы ўжо некалькі гадоў па коле спрачаемся пра тое, ці маюць людзі права вырашаць самі за сябе дзе жыць і якой рызыцы сябе падвяргаць?
На мяне самога глядзелі як на вар'ята, калі я лёгка і бесклапотна (на думку тых, хто глядзеў) вяртаўся дадому з-за мяжы ў 2021 і 2022 гадах. Пыталіся, як там нам жывецца "ў акупацыі" і казалі, што я вельмі смелы. Думаю, калі б тады мяне затрымалі і пасадзілі, то ў Фэйсбуку з'явіліся б дакладна такія пасты, як зараз пра музыкаў Nizkiz: “сам вінаваты”, “што ў яго ў галаве”, “няўжо ён не ведаў”, “чаму не з’ехаў” - і іншыя, якімі б аўтары паказвалі, якія яны разумныя, прадбачлівыя і правільныя і які я дурань. Дзякуй Богу, мяне гэта адмінула.
А Nizkiz - не першыя і не апошнія. Яшчэ не раз і не два “самыя правільныя беларусы, якія лепш ведаюць як іншым жыць” на сваіх утульных староначках у Фэйсбуку напішуць “самі вінаваты” ў адрас сваіх рэпрэсаваных суайчыннікаў.
Паважаныя чытачы, не будзьце як гэтыя “правільныя”, што стаяць на прасторах сацсетак у белых палітонах і ўсё ведаюць лепш! Паважайце чужыя свядомыя рашэнні, не крытыкуйце іх з пункту гледжання ўласных фрустрацый і хваляванняў - гэта простая, мінімальная справа, якая дакладна больш дапаможа нам захаваць адзінства, чым бясконцыя папрокі. А фэйсбучным разумнікам хочацца нагадаць, што ў Беларусі, нягледзячы на ўвесь трындзец, застаецца мноства людзей, якія стараюцца выжываць, захоўваць сябе і блізкіх ды ствараць там нешта ў чаканні лепшага. Сярод іх, я перакананы, і вы, нашыя чытачы. І гэта вы не даеце нашаму Гродну і Беларусі цалкам апусціцца ў змрок. Дзякуй вам за гэта.
А цяпер - да падборкі цікавага.
Што цікавага пачытаць на Hrodna.life на гэтым тыдні?
У цэнтры Гродна ўсталююць у гэтым годзе яшчэ 84 (!) камеры назірання. Мы даведаліся, на якіх будынках. Будзьце ўважлівымі. Быццам бы, гэта і павысіць бяспеку, але ў сённяшняй Беларусі запісы з вуліц могуць выкарыстоўвацца і для зусім іншых мэтаў.
Бондарава не спіць, а працягвае шкодзіць беларусам і Беларусі. У першыя дні новага году з яе падачы знялі надпісы на беларускай і замежных мовах з будынка турыстычнага цэнтра ў Гродне.
На Гродзеншчыне працягваюцца рэпрэсіі за “экстрэмізм” ці “пікеты ў сацсетках”. Сілавікі ходзяць па прадпрыемствах і затрымліваюць людзей пачкамі :(
Дзе адпачыць у снежнае надвор’е? Можна выбраца ў Каробчыцы на “Алімп”, пакуль снег ёсць. Цэны мы для вас праверылі.
Што новага хутка адкрыецца ў цэнтры Гродна? Вельмі-вельмі ружовая кавярня-цукерня з клубніцамі ў шакаладзе. Адрас для нашых чытачоў мае быць настальгічна-знаёмы. Схадзіце і за нас таксама смачнюшак пакаштуйце!
Наша рубрыка “Нерухомасць тыдня” на гэтым тыдні асабліва нам самім спадабалася. Адшукалі кватэру ў старым доме на Новым свеце! Ад проста погляду на яе ў кожнага гарадзенца павінна часцей забіцца сэрца!
На канец, каб трошкі падняць настрой, вось вам падборка крынжова-трэшова-фэйспалмавых тавараў з AliExpress, якія мы знайшлі, упісаўшы ў пошук на маркетплэйсе слова “Беларусь”. Добра вам пасмяяцца!
На сёння гэта ўсё!
Беражыце сябе! Нам з вамі яшчэ родны Гродна ўздымаць!